Пустая рука

У дзяцінстве я хацела стаць фігурысткай. Гэта цяпер стала задумвацца, ці сапраўды аб гэтым марыла, альбо такія мары былі абумоўленыя дамінуючым сацыяльным парадкам. Бо, калі казаць пра спорт, амаль кожная дзяўчынка, якая глядзела ў тым кірунку, хацела быць фігурысткай, гімнасткай альбо плыўчыхай у скрайнім выпадку. Іншых опцый быццам не існавала. Цяпер, калі я бачу магчымасці для сучасных дзяўчат, зайздрошчу, бо, калі б магла выбіраць, пайшла б у футбольную секцыю на пазіцыю брамніцы. Пытаюся ў сваёй мамы, чаму мне ніколі нават не прапаноўвалі такую магчымасць: «Ты ж актыўна заўзела за нашую хакейную зборную, мама?» – «Такога выбару не было нават у савецкім Мінску, дзе жаночая эмансіпацыя быццам перамагла, – задумліва адказвае мама. – Таму хакейных альбо футбольных секцый для дзяўчынак проста не існавала».
Нягледзячы на тое, што брамніцай мне ўжо дакладна не быць, адсвяткаваўшы сваё саракагоддзе, запісваюся ў мясцовую секцыю па каратэ. Дакладней, мяне туды, можна сказаць, запісвае сын, які распачаў трэніроўкі год таму. Падчас яго першага экзамену, пакуль чакала ў калідоры, я разгаварылася з іншай мамай. Сандра – так яе звалі – стала расказваць, што ўжо некалькі год займаецца ў секцыі і што першымі таксама былі дочкі. Але яна вырашыла паспрабаваць, бо з дзяцінства баіцца экзаменаў і публічных выступаў, а тут з’явілася магчымасць гэтыя дзіцячыя страхі перамагчы. «Але ведаеш, каратэ таксама вучыць мяне не баяцца агрэсіі, у пэўным сэнсе нават стымулюе праяўляць яе, дазволіць сабе такую раскошу, як злосць». Я слухала Сандру і адчувала, што менавіта гэта – знайсці ў сабе рэсурс для таго, каб раззлавацца, – тое, што мне зараз неабходна.
Так распачаліся мае трэніроўкі. Я лёгка прызвычаілася да інтэнсіўнай фізічнай нагрузкі і шматразовых паўтораў тэхнік удараў, блокаў і стоек, якія патрэбна было даводзіць да аўтаматызму. Цыклічнасць мне падабалася, яна супакойвала і давала адчуванне кантролю. Сапраўдным выпрабаваннем стала – пракрычаць той самы знакаміты kiai, які выконвае некалькі функцый. Тая, якая навідавоку, – напужаць суперніка альбо суперніцу. Акрамя гэтага, крык узмацняе імпульс удару. Але прыйсці да гэтага крыку не проста, таму што кіяй – гэта яшчэ і ўнутраны маналог, калі да цябе самой прыходзіць адчуванне сілы: я не толькі не баюся, але я – магу! І вось тут я захрасла. Кожным разам у горле з’яўляўся камяк, звязкі пераціскаліся, і замест крыку вырываўся шэпт. Нават на фізічным узроўні я адчувала гэтую перашкоду. Гэта было штосьці новае для мяне самой, бо я заўсёды вылучалася акурат самастойнасцю і ўпэўненасцю. Але, як аказалася, за гэтым стаяла ўразлівасць. Мне чамусьці ўспомніўся крык немаўляці пры нараджэнні, які акурат сімвалізуе прагу да жыцця. Дык вось, я быццам адмаўлялася жыць.
Шлі месяцы. Трэніроўкі працягваліся. Я заўважала зрухі, якія адбываліся не толькі з целам, што прызвычайвалася да розных тэхнік, але і ўнутры мяне. Цыклічнасць зазямляла, вяртала кантроль над эмоцыямі і факусавала на канкрэтных задачах. Асабліва гэта дапамагала спраўляцца з трывожнасцю, не толькі той, якая суправаджае ўсіх мігрантаў і становіцца руцінай. Але апошнім часам замест пачуцця бяспекі, – бо падавалася, што цяпер я жыву ў месцы, дзе мне нічога не пагражае, – стала адчуваць страх. Па ўсім свеце фіксаваўся ўздым папулярнасці праварадыкальных палітыкаў з праграмамі, пабудаванымі вакол варожасці, ксенафобіі і расізму, якія павінны былі прывесці да дамінавання белых мужчын пэўнага кшталту над усімі іншымі істотамі. У Германіі таксама падобная партыя хутка набірала галасы, але адначасова на вуліцы выходзілі тысячныя натоўпы, каб маніфеставаць, што ў гэтай краіне добра ведаюць гісторыю і яна не паўторыцца. Тым не менш ксенафобскія і расісцкія заявы станавіліся часткаю публічнага дыскурсу, гучалі нават у Бундэстагу, і, нягледзячы на пратэсты, падтрымка правых радыкалаў на чарговых мясцовых выбарах узрастала.
Аднойчы я ехала ў аўтобусе і раптам пачула, як жанчына старэйшага ўзросту гучна кажа: «Я не хачу тваё смецце тут». Я азірнулася і пабачыла хлопца індуісцкай знешнасці, які, напэўна, хацеў сесці на адно з трох вольных месцаў побач з жанчынай. «Ты разумееш, што я кажу? Гаворыш па-нямецку?» Хлопец адказаў, што зразумеў, далей не спрачаўся і ціха стаў убаку. У аўтобусе запанавала цішыня. Жанчына працягвала выкрыкваць абразы. Шакаваная, я не ведала, што сказаць. Было адчуванне, што трэба спыніць гэта, але ад неспадзеўкі я разгубілася. Што я магу ёй сказаць? На які закон спасылацца, калі нават у Еўрапарламенце прымаецца рэзалюцыя пра імгненную дэпартацыю тых, хто просіць прытулак, і дэпутаты пачынаюць радасна скандаваць: «Вышлем іх назад!» У адказ, праўда, астатняя група закрычала: «Сорам!» Але расізм нармалізаваўся.
Як так здарылася? Як той свет, пра які мы, тыя, якія знаходзіліся на ўскрайку гісторыі, марылі як пра прастору свабоды і магчымасцяў, пераўтварыўся ў турму, дзе прысуд выносіцца па колеры скуры, па поле і класавай прыналежнасці? На гэтым фоне аўтарытарызм, з якога прыехала я, выглядае ўжо не такім… страшным? Бо ў Беларусі ж катуюць усяго толькі некалькі тысяч чалавек, і паміраюць толькі адзінкі. Праблем з мігрантамі няма, бо ніхто не хоча прыязджаць сюды, нават калі іх «шчыра запрашаюць». А жанчыны, хоць і з пэўнымі абмежаваннямі, але ўсё ж маюць доступ да адукацыі, медычнай дапамогі і культуры, могуць развесціся з мужам і адбудаваць новае жыццё. Зразумела, я кажу гэта з горкай іроніяй, але часам пасля чарговага прагляду відэа, зробленых блогерамі на вуліцах нямецкіх гарадоў, раптам пачынаю баяцца. Так, я ўжо забылася на «той» страх і безнадзейнасць жыць «там». А тут я – мігрантка, чыё цела ўсё яшчэ спрабуе прызвычаіцца да гэтага новага азначэння. «Не, – кажа жанчына на вуліцы, яна збіраецца аддаць свой голас за праварадыкальную партыю на выбарах у зямельны парламент, – я не супраць мігрантаў, тыя, якія інтэграваліся і паважаюць нашую культуру, няхай застануцца». Я быццам разумею, што яна спрабуе сказаць, але ў гэты момант адчуваю сябе кабылай, якую старанна аглядаюць перад продажам. Ды і ў расізму не можа быць адценняў, нават калі цяпер ён хаваецца пад маскай клопату пра ўласных грамадзян. Дарэчы – якіх менавіта?
І я пачынаю баяцца, хоць, падавалася б, амаль што белая, нават магу сысці за «сваю», пакуль не загавару. Я гляджу навіны, потым выходжу на вуліцу, і хваля страху накрывае мяне: а што, калі гэтыя людзі побач, якія зараз ветліва ўсміхаюцца, насамрэч чакаюць маёй дэпартацыі? Я ўспомніла інтэрв’ю з дзяўчынай у Кабуле, у якім яна расказвала пра захоп улады талібамі. Яна сказала, што самае страшнае было не тое, калі прыйшлі яны, бо з імі ўсё было зразумела. Але, едучы ў аўтобусе, яна сустрэлася з позіркамі мужчын, жыхароў горада, з якімі гадамі жыла побач. Дык вось, цяпер яны глядзелі на яе і зларадна ўсміхаліся: «Нарэшце і твая чарга прыйшла!» І гэта страшна.
У аўторак я прыходжу на чарговую трэніроўку, вітаюся. Мы ніколі не абмяркоўваем палітычную сітуацыю. Кожны і кожная сканцэнтраваныя на сваіх страхах. «Gedan barai oi zuki», – камандуе трэнер. Я прыцэльваюся ва ўяўнага суперніка і пачынаю біць. Раптам гляджу ў люстра і бачу сябе. Я цэлюся спачатку сабе пад грудзі – chudan, потым у падбародак – jōdan. «Апошняя – з kiai!» – раздаецца голас трэнера. Я б’ю і чую крык. Гэта крычу я. «Mawate!» Я прыцэльваюся зноў. Патрэбна знайсці сілы на наступны цыкл. Я крычу і б’ю. Я павінна перадужаць гэты страх. Я павінна выжыць.

