Усё пачалося з таго, што я не змагла адарваць вачэй ад яе

Да цягніка было яшчэ некалькі гадзін, і я адмыслова спланавала гэты час так, каб сустрэцца з Вірай. З ёй я адчувала сябе лёгка, калі можна было недагаворваць сказ, абарваць на паўслове, таму што яна зразумее. Такое адчуванне блізкасці асабліва важным стала ў эміграцыі. Акрамя таго, Віра заўсёды прапаноўвала цікавыя месцы для сустрэч, а пошук такіх месцаў ў Берліне – гэта адметны атракцыён.
У першы раз я апынулася ў Берліне больш за дзесяць год таму, пражыла тут месяц і закахалася ў горад. Не ведаю, ці прыняў ён мяне, але доўгі час менавіта Берлін узначальваў мой спіс гарадоў-фаварытаў. Потым адкрылася Вільня, з ёй стасункі складваліся доўга і няпроста, але раптам я знайшла сябе пасярод гэтых пустых завулкаў. Такім чынам, Берлін адышоў на другі план, тым больш што занадта хутка стаў змяняцца. Перабудоўваліся кварталы, любімыя вуліцы абуржуажваліся, і гэта мяне раздражняла. Потым зразумела, што прычына была не ў горадзе, трэба было мяняць месцы, бо горад таксама рухаўся, сыходзіў і змяняў свае арыенціры. І вось праз Віру я быццам пераадкрывала гэты горад, пазбаўляючыся ад настальгіі.
У мінулы раз мы сустрэліся з ёй на ланч у кавярні “Куды падзеліся ўсе кветкі?” у раёне Фрыдрыхштрасэ. Назва кавярні адсылае да аднайменнай антываеннай песні, якую напісаў амерыканскі фолк-выканаўца Піт Сігер у 1955 годзе. Але міжнародную папулярнасць песня набыла дзякуючы Марлен Дзітрых, якая спявала яе на нямецкай, англійскай і французскай мовах. Тэкст песні ўтварае пэўныя цыклы, накшталт структуры народных песень, калі кожны куплет падхоплівае і развівае тое, аб чым ішла гаворка ў папярэднім: кветкі знікаюць, таму што іх сарвалі дзяўчаты, якія выйшлі замуж за мужчын, якіх забілі і з магіл якіх дзяўчаты зрываюць кветкі. І нягледзячы на тое, што кавярня месціцца на Фрыдрыхштрасэ, – вайб, як і чакалася, выявіўся зусім іншым.
Гэтым разам Віра прапанавала наведаць лесбійскі архіў, бо планавалася барахолка, на якую яна хацела патрапіць. Скончыўшы свае справы, я села ў трамвай у бок Марыенштрасэ. Калі даехала, Віра ўжо чакала на прыпынку. Мы павіталіся. Я зноў зрабіла камплімент яе фантастычным вогненна-аранжавым вельветавым шараварам – у іх Віра вылучалася здалёк і выглядала адметна, а для Берліна гэта асаблівы камплімент. Мы пайшлі ў двор шматпавярховіка з чырвонай цэглы. “Гэта будынак архіва. Сёння яны распрадаюць кніжкі са сваёй бібліятэкі пасля рэвізіі. Пакінуць можна любую суму, пажадана ад 2 еўра”, – растлумачыла Віра. У двары ў два шэрагі былі расстаўленыя сталы са скрынямі, у якіх стосамі ляжалі кнігі і часопісы. Распродаж быў у разгары, шмат моладзі сядзела ўжо побач на траве, гартаючы набытыя кнігі. Уздоўж сталоў рухалася чарга, мы сталі ў хвост і таксама павольна пакрочылі наперад.
У скрынях былі розныя кнігі, у асноўным выдадзеныя дзесяцігоддзі таму, мастацкія і навуковыя з фокусам на жаночым гетэрасексуальным і гомасексуальным досведзе. Былі аўтабіяграфічныя расповеды, каталогі выстаў, брашуры і паштоўкі. Віра трымала ўжо некалькі кніг у руках. “Пакажы, што знайшла”, – зацікавілася я і стала гартаць кнігу пад назвай “Жанчыны. Сусветная справаздача” 1986 года. Акрамя агульных дадзеных пра жаночую дыскрымінацыю ў розных частках свету, аўтаркі з заходніх, азіяцкіх, афрыканскіх краін расказвалі пра становішча жанчын на сваёй радзіме датычна сям’і, працы, доступу да адукацыі, здароўя, сексуальнай свабоды. Сярод аўтарак значылася Анджэла Дэвіс, была таксама справаздача з Савецкага Саюза, і што цікава – з перспектывы не Масквы альбо іншага цэнтральнага горада, дзе ўсё магло выглядаць больш “прагрэсіўна”, а з Баку, Азербайджана. Таму акрамя гендарнай няроўнасці ў расповедзе ўзнікала імперска-каланіяльнае вымярэнне. Карацей, нягледзячы на амаль саракагадовы ўзрост, кніга гучала актуальна і давала шмат цікавых сюжэтаў для сённяшніх дыскусій. Я пашкадавала, што не знайшла яе першай, бо крочыла за Вірай і таму мне даводзілася пераглядаць ужо тое, што пабачыла яна, і ў яе тут было асаблівае чуццё.
А потым я павярнула галаву і ўбачыла – яе. Збоку на плоце былі развешаны плакаты, у асноўным афішы выстаў, а таксама некалькі постараў з фотаздымкамі незнаёмых мне жанчын. Мой позірк спыніўся на чорна-белым партрэце жанчыны з курчавымі кароткімі цёмнымі валасамі, смуглым колерам скуры, у руках яна трымала ружжо. Жанчына з выклікам усміхалася ў камеру. Штосьці было магічнае ў выразе яе твару, некалькі секунд бы прыкутая я глядзела на гэты фотаздымак. Потым адвяла вочы і пайшла далей. Раптам у скрыні ўбачыла яшчэ адзін асобнік той кнігі, якую хацела, парадавалася знаходцы і хутка прыбрала да рук. Мы абмяняліся з Вірай жартамі наконт падобных густаў і пайшлі ў бок стала, каб расплаціцца.
За сталом сядзелі дзве дзяўчыны, я заплаціла за кнігу і запыталася, ці прадаюцца і гэтыя постары таксама. “Так, – адказала адна з іх. – Але яны каштуюць фіксавана 10 еўра”. Я пайшла да плота, зняла плакат, вярнулася да століка і працягнула купюру. Віра здзіўлена на мяне паглядзела, бо я ні слова не сказала ёй пра гэты постар. Не чакаючы яе пытання, коратка патлумачыла, што хачу, каб гэты партрэт вісеў у мяне над працоўным сталом. “А вы ведаеце, хто гэтая жанчына?” – запыталася я ў дзяўчат. “Так, у нас запісана, я магу перапісаць вам прозвішча на паперы”, – адказала другая, якая сядзела збоку. Хутка ў мяне ў руках апынуліся скручаны постар і невялікі кавалак паперы, на якім алоўкам было напісана: Hamadi Boularer, аманская змагарка за свабоду.
Потым мы яшчэ пагулялі з Вірай, наведалі мексіканскі рэстаран. Яна праводзіла мяне на цягнік, і мы развіталіся. Дома я раскруціла постар і доўга разглядала твар гэтай жанчыны, адчуваючы неверагодную ўзрушанасць. Я стала думаць, дзе мне яго павесіць. Над сталом было немагчыма, бо ён стаяў ля акна, і, седзячы за ім, я глядзела праз балкон на вуліцу. Я падумала, што можна было б павесіць на сценку за маёй спінай такім чынам, каб пры анлайн-сазвонах была таксама бачная яна. Але тады я сама не буду яе бачыць, таму вырашыла павесіць на сцяне ў спальні, акурат насупраць ложка. Як выявілася, гэта было ідэальнае месца.
Міналі дні. Я прачыналася і спрабавала злавіць яе погляд, засынала і таксама глядзела на яе. Гэта магло доўжыцца хвілінамі, я адчувала, што яна нібы падтрымлівае мяне, асабліва ў моманты, калі падавалася, што, зруйнаваная, я ляжу на падлозе. “Уставай і ідзі”, – бы загадваў яе позірк. Я слухалася, збірала сябе нанова і рушыла наперад. Паперка з яе імем доўгі час ляжала на падваконні, я не гугліла, проста глядзела на фотаздымак, часам спрабавала здагадацца – хто яна? З кім і за што змагалася? І чаму ўсміхаецца з такім выклікам? Можа, таму што ў яе атрымалася?
І вось нарэшце я загугліла. Напісала запыт па-нямецку, менавіта так, як стаяла на паперцы, і атрымала ад убудаванага ў пашукавік штучнага інтэлекту адказ: “У стандартных крыніцах няма ніводнай гістарычна вядомай або выбітнай аманскай жанчыны – змагаркі за свабоду”. На імгненне я застыла – як няма адказу? Гэта немагчыма! Ну хоць нейкія прапановы? Фотаздымак быў чорна-белы, і па тым, як жанчына была апранутая, з кароткай стрыжкай, я дапускала, што гэта могуць быць 1970-я гады, напрыклад. Але чаму пашукавік не выдае варыянты? Тым больш што, калі яна трапіла на постар, які апынуўся ў Лесбійскім архіве ў Берліне, гэта павінна быць знакавая асоба. Можа, усё ж я няправільна ўвяла імя, бо надпіс алоўкам троху падцёрся? Я добра ведаю на беларускім прыкладзе, што калі ўводзіш штосьці звязанае з Беларуссю, маргіналізаваным перыферыйным кантэкстам для англа-арыентаванага інтэрнэту, то, калі робіш хоць адну памылку, пашукавік “ламаецца”. Можа, тое ж самае здарылася і з Аманам? Я стала пільна ўглядацца ў імя і спрабаваць розныя варыянты – можа, “е” і “н” на канцы? Альбо “мі”? Але раз за разам выпадала памылка. Ужо адчаялася, калі раптам мне прыйшла ідэя напісаць цалкам гэты ж запыт па-ангельску. І – поспех! Хоць імя было і сапраўды перапісана мной няправільна, але я атрымала спіс спасылак, якія вялі да жаночага крыла рэвалюцыі ў Амане ў сярэдзіне 1960–1970-х. Клікнула на адну з іх і трапіла на старонку, дзе было размешчана відэа, і на першым жа кадры пазнала – яе.
Пад відэа было напісана, што гэта аманская жанчына – баец паўстання Дафар 1963–1976. Далей тлумачылася, што паўстанне Дафар, або Аманская грамадзянская вайна, вялося з 1963 па 1976 год у правінцыі Дафар супраць Султаната Маската і Амана. Вайна пачалася з фарміравання Фронту вызвалення Дафара, групоўкі, якая імкнулася стварыць незалежную дзяржаву, свабодную ад улады аманскага султана і брытанскага ўплыву, пад якім краіна аказалася з канца ХІХ стагоддзя. За сваю гісторыю Аман пастаянна вымушаны быў змагацца за незалежнасць – супраць партугальцаў, персаў, потым брытанцаў. Народны фронт вызвалення Амана быў утвораны ў пачатку 1960-х і атрымаў кантроль над нарастаючым паўстаннем з дапамогай Кітайскай Народнай Рэспублікі, Савецкага Саюза, марксісцкага Паўднёвага Емена (які атрымаў незалежнасць ад Вялікабрытаніі ў канцы 1967 года) і Ірака. “І зноў тут без савецкіх марксістаў-імперыялістаў не абышлося”, – іранічна заўважыла я і націснула на кнопку прайгравальніка.
У кадры сярэднім планам быў паказаны твар жанчыны, трапляла таксама ружжо, якое яна трымала ў правай руцэ. Першы субцітр па-ангельску тлумачыў, што гэта Мона, пастушка пятнаццаці гадоў. Дзяўчына распавядала па-арабску – субцітры паказвалі пераклад, – што Фронт даў жанчынам свабоду, што тут знаходзіцца школа, дзе яны атрымліваюць адукацыю і вучацца ваяваць, што яна замужам, і гэта муж прывёў яе сюды, каб яна ведала свае правы. Калі яна будзе гатовая, яна далучыцца да паўстанцаў. Саракасекундны ролік абарваўся.
Я застыла. Гэта было не расчараванне, хутчэй збянтэжанасць, бо перада мной была не жанчына, якую я сабе ўяўляла. У свае пятнаццаць гэтая дзяўчына, яшчэ дзіця, ужо цалкам увайшла ў дарослае жыццё. Але чаму я адразу думаю пра прымусовы ранні шлюб? Мона не выглядала прыгнечана, наадварот. Тым больш, барацьба за правы жанчын у межах гэтага паўстання займала цэнтральнае месца. Адзін з тэкстаў, апублікаваны Камітэтам па справах Персідскага заліва і кампаніяй салідарнасці з Аманам у 1975 годзе, пачынаўся з цытаты: “Мы пацярпелі ад чатырох султанаў. У нас быў палітычны султан – султан Маската; племянны султан – шэйх; рэлігійны султан – імам; і сямейны султан – бацька, брат і муж”. Летам 1975 года адбылася першая канферэнцыя аманскіх жанчын, на якой абмяркоўваліся барацьба з непісьменнасцю і паляпшэнне іх сацыяльнага становішча. Такім чынам, гэта было паўстанне не толькі супраць палітычнага прыгнёту, але і гендарнага і рэлігійнага, што падкрэслівалася ў маніфестах і лістах салідарнасці з усяго свету.
Я пракруціла ролік некалькі разоў. Словы “свабода” і “барацьба” з вуснаў Моны гучалі асабліва натхнёна, але адначасова фатальна. Яе вочы блішчэлі не толькі ад магчымасці справядлівасці, за якую трэба змагацца, але свабоды выбару, калі яна ўсвядомлівае гэты свой выбар і пагаджаецца з тым, што ён можа каштаваць ёй жыцця. Напэўна, гэтае пачуцце цалкам могуць зразумець толькі тыя, хто ведае прыгнёт і таму не баіцца загінуць на шляху да радыкальнага вызвалення. Тут разам з адрэналінам узнікае і дапытлівасць – якая свабода на смак? Якога колеру? Як яна пахне? Што я гатовая за яе аддаць?
Бляск вачэй і ўсмешка Моны нагадалі мне беларуску Марыю Зайцаву, якая гэтак жа ўпэўнена, выпраменьваючы святло, усміхалася на адным з апошніх фотаздымкаў, зробленых на лініі ўкраінскага фронту два гады таму. Марыя была параненая падчас пратэстаў 2020 года ў Мінску, фота з яе акрываўленым тварам – у яе трапіла светлашумавая граната – стала адным са знакавых у медыйнай рэпрэзентацыі беларускай рэвалюцыі. Дзяўчына спачатку лячылася ў Празе, а потым сышла дабраволіцай ва ўкраінскую армію і стала снайперкай. У апошнім інтэрв’ю яна тлумачыла свой выбар тым, што не можа проста чакаць справядлівасці ў Беларусі, яна хоча за яе змагацца. Ва ўзросце 24 гадоў Марыя загінула, пахавана ў Кіеве. “Гэта не можа быць свядомым выбарам, – спрачаецца са мной знаёмы, калі я расказала яму гісторыю Марыі, – бо немагчыма дабравольна выбраць смерць”. “Ну, па-першае, ёсць верагоднасць выжыць і перамагчы, – не пагаджаюся я. – Па-другое, трэба зыходзіць з таго, што мы па-рознаму расстаўляем прыярытэты, і голае жыццё любой цаной не ва ўсіх будзе ўзначальваць гэты спіс. І, нарэшце, кожны і кожная мае права выбару, нават калі ён не паддаецца рацыянальнаму тлумачэнню”. Тым больш я веру, што нічога не сыходзіць у пясок.
У 1970 годзе падчас паўстання ў Дафары адбыўся таксама палацавы пераварот, і да ўлады прыйшоў сын дзеючага султана, які да гэтага вучыўся ў Брытаніі. Ён змяніў палітыку ізаляцыі, якую праводзіў яго бацька, і пачаў мадэрнізаваць Аман. Быў прызначаны першы кабінет міністраў краіны, і структура ўлады павольна дэцэнтралізавалася. Тым не менш, дзякуючы знешняй падтрымцы, у першую чаргу брытанскай, паўстанне Народнага фронту было задушана ў снежні 1975 года.
Ці выжыла Мона? Ці нарадзіліся ў яе дзеці? Калі так, што расказвала яна ім пра гэтую вайну? Якія сямейныя легенды паўсталі з гэтых гісторый? Паўстанне было задушанае, але ўлады ўсё ж пайшлі на ўступкі, чаго без супраціву не адбылося б. Змены адбываюцца не так хутка, заўсёды хочацца іх убачыць на ўласныя вочы, пражыць перамогу цалкам, спазнаць смак таго прыўкраснага новага свету. Але, напэўна, у жыцці так не бывае, хутчэй спачатку надыходзіць расчараванне, таму што вынік не адпавядае чаканням, таму што радыкальнага вызвалення не адбываецца. Тым не менш сёння, нягледзячы на тое, што ў параўнанні з заходнімі стандартамі аманскае грамадства застаецца кансерватыўным, становішча жанчыны ў Амане з’яўляецца адным з найбольш свабодных на ўсім Арабскім паўвостраве. Падчас Арабскай вясны ў 2011 годзе грамадзянам Амана таксама ўдалося дамагчыся большасці сваіх патрабаванняў, звязаных з эканамічнымі паляпшэннямі і палітычнымі свабодамі. Ці адбылося б гэта без цябе, Мона? Бо гісторыя ёсць асаблівай тэмпаральнасцю, у якой асабісты выбар і наканаванасць накладаюцца адно на адно, не даючы спыніцца гэтаму рызаматычнаму руху.
Магчыма, менавіта гэта – адмова ад голага жыцця – і прывабіла мяне, прыкавала да яе позіркам. Яна аказваецца неабходнай, каб памятаць пра тое, што выбар – гэта ўсё яшчэ наша права і каштоўнасць, каб разумець выбары, якія быццам не маюць рацыянальнага абгрунтавання, але менавіта такія выбары даюць сілу працягваць жыць і верыць, нават калі рэчаіснасць спрабуе пераканаць, што ўсё дарэмна і што цынізм пераможа.
Без такіх гісторый мяне не стала б, я пераўтварылася б у прывід самой сябе і ніколі б не прарасла. А так я ведаю, што аднойчы загіну ў тваёй барацьбе, магчыма, так і не ўбачыўшы таго новага дзівоснага свету. Але я таксама ведаю, што калі вытрываю і не адмоўлюся, то потым прарасту, стану той кветкай, якую аднойчы сарве мая пятнаццацігадовая дачка Мона.
І кола гісторыі замкнецца.

