Menu
Suche
Weiter Schreiben ist ein Projekt
von WIR MACHEN DAS
> Einfache Sprache Jetzt Spenden
Logo Weiter Schreiben
Menu
Suche
Text-2

 Жанчына на паркавай лаўцы ў сонечны дзень

…ёсць рэчы, якія б ніхто не пабачыў,
калі б я іх не сфатаграфавала
Дыяна Арбус

 

“Oh dear!”
вальсуе рэхам
наўкол лакіраванага
“пад колер ночы”
німба

і хіжа шчоўкае затвор

/

занадта многа сонца
зашмат жыцця
ў Цэнтральным парку
заўсёды хтосьці ёсць
з заганай унутры з уласным

шчарбатым сонцам
дзе ў разломе праглядае змрок
танюткай паласою

стомленай усмешкай

і ты іх ловіш
на сваю ўсмешку “Цудоўна!
Вам так пасуе лета!”

ты часам ліслівая занадта
(ці гэта камера ліслівіць за цябе
ліслівіць наадварот?)

але калі і праўда гэта цудоўна —

напяты бляск прычоскі
гузікаў і завушніц і перлін
складаная рыфмоўка броваў
і аксамітны смутак у засені павек

/

кажуць яна заўсёды была шчаслівай
смяялася залівіста
заўсёды была нармальнай
свецкай львіцай
а тут яна твая

не
не цыркачка
не прастытутка
не нудыстка не фрык
не карліца не веліканка
не раззлаваны хлопчык
з гранатай у руцэ
але на ёй твой цень

на гэтым фота
твой двайны адбітак

што з ёй не так?

/

ты ў вечным пошуку
расколін трэшчын ран
праломаў і пралазаў
сховаў у якіх ты здолела б
укрыцца распрастацца

якія так многа кажуць
пра цябе

ты здолела б укрыцца ці ўцячы
і ўсё адно працягваеш
збіраць сваю калекцыю
асвечваць маланкай камеры
іх твары за шчыльнаю заслонаю
банальнасці і сораму
у грымёрках цыркаў

у брудных будуарах
у інтэрнатах у цесных
пакойчыках гатэляў

шукаць жывое там
дзе больш ніхто
не думае шукаць

/

ты ж ведаеш
што з ёй не так?

“Oh dear!”

яшчэ лунае
ты хілішся над камерай
і асляпляльнасць дня спыняе
маланкі звягу

/

я некалькі таксама
фатаграфавала
вялікі горад і людзей у ім
праспектаў тлум і пустку
і дрэваў тонкую тугу
па леце

я некалі таксама
насіла замест караляў
камеру на шыі

я некалі таксама
аберуч трымала абарону
ў свеце дзе немагчыма

я некалі таксама
цябе чытала
ў ясных вачах блізнят

/

ты блізка
твой цень кранаецца яе пляча
ты факусуешся
на тым кім яна ёсць
і кім хацела б падавацца

ты ловіш розніцу ў аб’ектыў
ты ловіш несупадзенне
як матылька

ты ловіш супадзенне
як матылька

ён больш нікуды
не паляціць

/

“фатаграфія — таямніца
пра таямніцу
чым больш яна кажа
тым менш ты ведаеш”

Zurück

Datenschutzerklärung

WordPress Cookie Hinweis von Real Cookie Banner