Menu
Suche
Weiter Schreiben ist ein Projekt
von WIR MACHEN DAS

> Einfache Sprache
Logo Weiter Schreiben
Menu

БЕЗ МАМЫ

Tanya Skarynkina

 

© Vasilisa Palianina, Acrylic on paper (2022)

 

Falling in love again never wanted to.
What am I to do?

Зноў закахацца мне не хацелася.
Што рабіць мне цяпер?

Назаўтра пасля смерці мамы я ўключыла кіно.
Для ратунку ад пустэчы, якая ўтварылася на тым месцы, дзе яшчэ ўчора была мама. Першы фільм у спісе запланаваных – «Ladies Should Listen» з маладым Кэры Грантам. «Кабетам варта паслухаць». Слухаю.

– Falling in love again, – напявае Кэры Грант, павязваючы гальштук.
Мелодыя знаёмая, ды не ўзгадваецца песня. Раз за разам пракручваю эпізод з гальштукам, пакуль не ўспамінаю «Блакітнага анёла», дзе песню спявала Марлен Дзітрых.

Ich bin von Kopf bis Fuß
auf Liebe eingestellt.

Я з галавы да ног
наладжаная для любові.

Мама пражыла доўгае жыццё.
Нажылася, лічы. І па-ангельску, і па-нямецку песня кранае. Але нямецкае выконванне больш пранімае, бо мама, па-першае, любіла Марлен Дзітрых, па-другое, вучыла ў школе нямецкую. Я наладзілася любіць маму пасля ейнай смерці, думаю, наўздагон песні, і вочы мімаволі вільгатнеюць, не даюць глядзець фільм з Кэры Грантам, 1934 года. У гэты год мама нарадзілася. Горла сціскаецца. Пасля фільма з Кэры Грантам пераглядаю «Блакітнага анёла» больш уважліва. І там не даюць супакоіцца дэталі, на якія раней не звяртала ўвагі.

Вось прафесар Эмануіл Рат п’е каву.
Ягоны кафейнік адзін у адзін, як мама некалі прывезла з Польшчы, вытворчасці ГДР. DDR. Дойчэ Дэмакрацішэ Рэпублік. На 6 асоб. Тонкая, як шкарлупіна яйка, парцаляна. Калі нарадзілася Марлен, яе родная Нямеччына называлася карацей – DR: Дойчэс Рэйх, альбо Другі Рэйх, альбо Германская імперыя. Пасля ўдалага дэбюту ў «Блакітным анёле» Марлен з’ехала ў Амерыку. Вярнулася пасля смерці, каб быць пахаванай у Берліне за тры кіламетры ад ейнага дома ў раёне Шонэберг. Маму пахавалі на могілках у роднай вёсцы Перавозы. Ад вёскі да дома, дзе памярла мама, роўна тры кіламетры.

Я выпадкова пабіла нямецкі кафейнік з Польшчы.
Маме не сказала. Мама заплаціла за сервіз усю наяўнасць, якую брала з сабой у паездку. Таму я не адважылася прызнацца, бо няздольная купляць сервізы на апошнія грошы, як мама. Як мама, насіць панчохі са спецыяльным поясам таксама не ўмею.

Вясновыя канікулы.
У шчыліну з-пад коўдры назіраю за мамай, як прышпільвае да пояса панчохі з дапамогай адмысловых жалезных петляў. Няўжо і мяне, калі пасталею, чакае гэткая пакута? У Марлен стройныя ногі. Ейны гонар. У мамы не горшыя былі ў свае гады. Я колькі разоў чула ад людзей пра маміныя ногі, што ніхто ў горадзе не меў такіх, нават ейныя родныя сёстры пагаджаліся, што фігура бездакорная, і мама ведала.

Гляджу «Блакітнага анёла» па-нямецку.
Дубляванага, а добра было б нямецкую вывучыць.
Любая дробязь нагадвае маму. Панчохі гераіні Марлен – развязнай Лолы-Лолы – на поясе, як маміны, што бачная скура паміж заканчэннем пояса і пачаткам шаўковай панчохі. Гэтыя панчохі толькі-толькі пачалі выпускаць у Нямеччыне на момант «Блакітнага анёла». Марлен, лічы, зрабіла ім рэкламу, дзякуючы сваім нагам і акторскаму таленту. А мама, можна сказаць, адна з апошніх, хто яшчэ насіў панчохі. Адна распачала эпоху панчохаў у 30-я, другая закрыла ў 80-я. Паўстагоддзя доўжылася мода, па-свойму вар’яцкая. Шмат гэта ці мала?

Следам за нямецкай бяруся за англамоўную версію.
Не за ўвесь фільм, толькі за песню, дзе Лола-Марлен на бочцы ў цыліндры. Ці то падалося, ці сапраўды неяк па-іншаму сцэна выглядае. Уключаю зноў нямецкую версію. А яны сапраўды адрозніваюцца, нямецкая і ангельская. Напрыклад, Марлен у нямецкім варыянце раскідвае ўбокі рукі, камера бярэ яе буйным планам.У англамоўным толькі здаля паказваюць артыстку цалкам усю. Рукамі яна ўвесь час прытрымлівае свае даўгія ногі, падціснутыя да бочкі. Больш стрыманая ў ангельскім фільме, не такая пачуццёвая. Твар сур’ёзны. У нямецкай – вясёлы. Гэта азначае, што фільм быў зняты двойчы, на дзвюх мовах. Для галівудскай кар’еры перазнялі па-ангельску. Першы гукавы фільм артысткі, першая галоўная роля. Сама Марлен у інтэрвію на пытанне пра фільмы адмахваецца.

– Вы калі-небудзь глядзіце свае фільмы?
– Ніколі. Мне гэта нецікава. Глядзець на сябе? Ні за што. «Блакітны анёл», напрыклад. Ад яго ўжо ванітуе. Ці не так? Я чуць пра яго не магу. Я там недарэчная з галавы да пят.

Я з галавы да ног
наладжаная для любові.

Марлен за 80 у дакументальнай стужцы Максіміліяна Шэла, дзе яна крытыкуе свае акторскія здольнасці. Гэта можна патлумачыць зайздрасцю да сваёй маладой прыгажосці. Мама сабе маладой не зайздросціла. Сябе маладую любіла. Колькі разоў з фотакарткамі да яе падсяду. Мама бярэ лупу. Я ўключаю дыктафон. У нейкім сэнсе нам абедзвюм пашчасціла знайсці адна адну: распавядальніцы, якіх мала ведаю, і слухачцы, апантанай жыццём недаступнай мамінай маладосці.
Няшмат ведаю людзей, каторыя так шчыра памятаюць і любяць сябе маладымі.
Калі я й зайздрошчу каму, дык шмат старэйшым за мяне. Тым, хто застаў брук на шашы. І на здымку на грудкаватым бруку мама ў лодачках мужна трымаецца. Як і Марлен у фільме «Агент Х-27», дзе яе расстрэльваюць за разведдзейнасць, толькі пасміхаецца, фарбуе губы яркай памадай, гледзячыся ў лязо шаблі канваіра. У інтэрвію яна кажа, што запыталася Джозэфа фон Штэрнберга, свайго галоўнага рэжысёра:
– А куды падаць, калі расстрэльваюць? Назад альбо ўперад.
– Вы ж актрыса. Дайце волю інтуіцыі.
– Дык мяне ж ніколі не расстрэльвалі.

Яна павалілася ўперад.
І калі я зайшла да мамы ў пакой, яна ляжала тварам уніз. З ложка ўпала ноччу. І больш не паднялася. Я маму пасадзіла. Унутры мамы нешта вохнула. Кратаю за плячо: «Мама». Мама зімная.

Калі сыходзілі медсёстры хуткай дапамогі, канстатаваўшы «натуральную смерць ад старасці», я запыталася, не магла паверыць, што ўсё скончылася так раптоўна:
– А мама сапраўды мёртвая?
Глянулі, нібы на вар’ятку. Нічога не адказалі.

Я даглядала маму 7 гадоў.
Мама не хадзіла, зламалася кульша, тазасцегнавая костка, частая хвароба ва ўзросце за 70. Але мама амаль поўнасцю абслугоўвала сябе. Клалася, садзілася, расчэсвалася, стрыгла пазногці, ела. Трэба было толькі купляць ежу, гатаваць, падаваць, адносіць на кухню брудны посуд, мыць яго, купаць маму, праць бялізну. Справаў хапала, з’ехаць куды-небудзь было праблемай, нават на дзень. Я думала, калі мамы не стане, уздыхну з палёгкай.
І памылілася.

Ёсць адна старая фотакартка, у якой больш чым дзе захаваны свет да майго нараджэння. На ёй стрыечная малая зусім Валя-Валюшка, маміна цёзка, з коцікам і мамай са значком «Выдатнік дзяржбанка» ўладкаваліся на канапе. Між імі родная сястра Валюшкі – старэйшая на пару гадоў Марынка з бярозавай галінкай, на галінцы завушніцы. Фотакартка гледжаная-перагледжаная, ды толькі не стала ад пераглядаў менш загадкавай. Яны ўтрох пасміхаюцца, але не на фотаапарат. Фатографа для іх нібы не існуе. У іх свой таямнічы свет, пяшчотны, ласкавы. Мама займалася маімі стрыечнымі, пакуль я не з’явілася. Я ім перашкодзіла. Усё сапсавала. Я іх Валюшкай-Марынкай цяпер не называю ўслых, толькі пра сябе. Прыкладна тых часоў гісторыя пра кавалера мамінага, аб якім я даведалася, калі ўжо думала, што пра ўсіх кавалераў распытала. Марынка і Валюшка ўдзельніцы гісторыі. Ускосныя.

Гэта навагодняя гісторыя, пачутая ад мамы за месяц да Новага года, да якога мама два тыдні не дажыла. Мы ў нядзелю абедалі разам, і неяк так святочна гэта адбывалася, што без нагоды прапанавала мама «па кілішку». Назапашаны быў самагон. І ўжо паспрыяў размове. Па тэлевізары леапард паляваў на жырафу. Мама расказвала:

– Ён прыгласіў танцэваць. Адзін танец станцэвалі, і пайшоў з танцаў. Высокі, акуратна стрыжэны. Дзе-та чераз недзелю зноў на танцах прыглашае. Кажа:
– Я хачу пазнакоміць цебя з сестрой.
А калі, дзе, не сказаў. Ну ладна. І вот Новы год. Я атмеціла з падругамі і пашла да сястры Яні начаваць. Дзе-та ў тры ноччу стук. Я накінула шынель Янінага мужа жэлезнадарожную. Босая падхажу да дзвярэй. Зімна ў ногі:
– Хто?
Гэта ён быў. П’яны, Новы год жа. І не пусціла. Сястра з мужам, дзеці, Валюшка з Марынкай, усе спяць. Як я пушчу? І ён пайшоў. Назаўтра падруга Лёдзя, яна была з ім суседка – і ад Лёдзі ён узнаў, дзе мяне шукаць, – сказала, што ён уволіўся з сельхозцехнікі. З должнасці глаўнага інжынера. І ўехаў з горада.
– Назаўсёды?
– Да!
– Мама, ты жанчына-вамп!

Леапард выядаў нутро жырафы.
Мама смяялася. Мама памярла за тыдзень да Калядаў, любімага свайго свята. Я паспела яшчэ купіць аплатку па яе загадзе. Але ўжо яна не пасмакавала крохкую ежу без смаку і паху. І я не стала есці без мамы. Не святкавала Куццю. Адно толькі не вытрывала і абаранкі зрабіла (іх купляюць, дадаюць цёрты мак і заліваюць на некалькі гадзін кіпенем). Ела тры дні толькі абаранкі, не адчуваючы нічога ад паглынання размокшых у салодкай з макам вадзе тлустых, як лічынкі хрушча, кавалкаў цеста.

Маму пахавалі ў маіх лакірках, нязручных для хады.
Нягнуткіх, як пераробленыя лыжы. І калі прыйшоў час маму абуваць у труну, дык выцягнула чорныя лакавыя туфлі. Абувала разы два. І маму ў іх пахавала. З мамы не знялі заручальнага пярсцёнка. Пахавалі з ім. Ён быў і бабуліным заручальным таксама. Унутры пярсцёнка мама аднойчы паказвала гравіроўку з датай шлюбу сваіх бацькоў. Дзень не памятаю, год 1928. Такая сувязь пакаленняў, што маму закапалі на той свет у туфлях дачкі з заручальным пярсцёнкам яе матулі. Каб мы пазналі адна адну: маміна матуля сваю дачку, мая – мяне, а я – іх абедзвюх. Трэба, каб сувязь не перарвалася, і мне нешта маміна ў труну трэба будзе ўзяць.

Вазьму самую любімую фатаграфію мамы, такая фантазія, замест абразка Езуса, якога ў каталікоў прынята ў рукі нябожчыку даваць, як пропуск на той свет. Мама на здымку 20-гадовая, ужо працуе ў банку. Расчыніла дзверы вонкі. Белая сцяна будынку. Здымак чорна-белы, але я запытвала пра колеры: дзверы блакітныя, кофтачка бэзавая, любімы мамін колер. Я цяпер гэты здымак перамалявала і расфарбавала адпаведна.

Пахавалі маму ў бэзавай сукні.
Я не здагадвалася, што ў сучасных пахавальных крамах маюцца колеры на выбар. Не толькі чорныя і карычневыя. Выбрала мамін любімы насычаны бэзавы. Мама больш за ўсе кветкі, за ўсе расліны любіла бэз. Хустачку ў труну абрала ёй пяшчотна-ліловую на галаву. Я ганарылася, што маму прыбрала, як ляльку. Старэйшая цёця сказала, каб яе гэтак жа сама апранулі.

Мама памярла ў адлігу.
Зімы няўстойлівыя стаяць. Глеба лёгка паддавалася рыдлёўкам далакопаў. Усе вакол разважалі, як удала Валя памярла – глеба мяккая. Адзін з далакопаў уваліўся ў яму. Ледзь стрымаліся ўсе, каб не пырснуць. Назаўтра падмарозіла. Мелі рацыю тыя, хто казаў на могілках пра шчасце быць пахаваным у мяккае. Але, калі прыйшоў снежань з маразамі, прыляпілася думка, што маме там унізе зімна. Яна колькі разоў прапаноўвала мне сваю воўчую шубу па самыя пяты. Цяжкая, быццам тулава воўка забыліся выняць з яе. Нікому цяпер не патрэбная шуба тая. Трэба было маму шубай накрыць. Не магу пра гэта думаць спакойна.

Адзіны стрыечны Вова ведаў, дзе мама хацела быць закапаная.
На холміку побач са сваёй цёцяй Геняй. Геновэфай. Там быў заросшы мохам нечы пастамент. Толькі ў дзень мамінай смерці Вова сказаў: «Гэта не сапраўднае надмагілле, а старое бабулі. Бабуліна аднавілі, а гэтае цёця Валя папрасіла тут для яе пакінуць, месца заняць ім». І туды лягла мама, як збіралася. Ля бліндажу часоў Першай сусветнай.

У дзень мамінай смерці я нічога не ела.
Столькі з нябожчыкам спраў, ад нечаканасці смерці амаль не заўважаеш іх. Кажу, ні да кога не звяртаючыся, на зваротнай дарозе з могілак: «Нічога не ела дзень». А ўжо 4 гадзіны дня. Вова кажа: «Галінка прыехала, гатуе якраз галубцы». Галінка – Вовы родная сястра, мне стрыечная. Мы елі ўчацвярых: цёця Ядзя, Вова, Галінка, я. Пра маму яны ні слова. Я сама першая пра маму пачала. Кажу, што цяпер ні ў кога не ўдакладніш, не запытаеш тое, што мама ведала.
– Можа, я што ведаю? – раптам кажа Галінка.
– Ці памятаеш, Галінка, як ты расказвала пра настаўніка гісторыі па мянушцы Гебельс?
– Таму што ён ва ўсё чорнае адзяваўся. Плашч скураны чорны, чорны партфель пад пахай, чорная «Пабеда» ў яго была. Такая гарбатая машынка. Насіў шапку такую, як пілотку з каракулю.
– Піражок, – кажу.
– Піражок? – засмяялася Галінка.
– Шапка-піражок. Чальцы савецкага палітбюро такія насілі.
– Піражок таксама ў яго чорны быў, – дадала сястра.

Казала сястра, што раз на ўроку яго папрасіў нехта з вучняў расказаць пра Гебельса. Ён спакойна расказаў. Быццам не ведаў пра мянушку. А можа, і не ведаў. Тут цёця кажа:
– Дык у Вовы такая была. З белага каракулю.
Цёця расказала, што мама аддала Вове шапку-піражок. Як стала халадаць, Вове начапіла. У першы клас ён хадзіў, не разбіраўся ў модах. Вова дадае:
– Я толька ў аўтобус зашоў, усе паляглі ад рогату. Я шапку здзеў. І болей ніколі ў ёй.
– І што з шапкай?
– Выкінулі недзе, – адказала цёця Ядзя.

Здаецца, я разумею, чаму мама пазбавілася ад піражка.
Нічога моднага няма ў падабенстве чальцам ураду. Нават калі гэта ўсяго толькі піражок. Вова пасля сказаў, што яму піражок па-свойму нават падабаўся, але што падумаюць людзі? Маму гэта ніколі не хвалявала.

Аднойчы летам пачалася залева.
Мы разам ішлі па горадзе. Гадоў 11 мне было. Мама не ўзяла парасон, а на галаве свежая андуляцыя і ўкладка. Мама з абыякавасцю манекена выцягнула цэлафанавы пакет, начапіла на галаву. Мех ад замежнай нейкай вопраткі. Цвёрды, як слюда, каўпак. Уладзімір Адоеўскі – аўтар «Гарадка ў табакерцы», да дзюрак зачытанай казкі, – насіў паўметровы каптур, не памятаю ўжо, чаму ён так хадзіў не па модзе 19-га стагоддзя. Напэўна, такая форма адданасці казачнаму сусвету. Яго не хвалявала, што ўсе пальцамі тыкаюць. Накіраваных на маму пальцаў я не заўважыла, але процьма іх была ў маёй галаве, таму я трымалася на адлегласці. Быццам мама мне ніхто. Быццам маме я ніхто. А яна з нязменна роўнай спінай шуравала сабе. Ганарліва пакет сунуўся над мінакамі. З яго цякло на маміны загарэлыя плечы ў адкрытым сарафане. Яна не заўважала. Мяне скручвала ад сораму.

Мама была вялікая модніца.
Не ведаю, як бы яна паставілася да свайго пахавальнага строю. Я ў думках з ёй раілася, калі выбірала. Наша апошняя жывая размова ішла пра адзенне таксама. Я ўвесь час здзіўлялася, што колькі з мамай размаўлялі, столькі разоў новае – і не проста новае, а моцна цікавае мама аднекуль з нетраў памяці вымала. Гэта тычыцца і сукенкі на адным са здымкаў маладосці, дзе мама ля елачкі ў сястры Яні першага студзеня. Маме там прыкладна 20. Я для сябе вырашыла менавіта, што гэта знята ў той Новы год, калі галоўны інжынер з’ехаў ноччу 31 снежня. А мама, як нічога не адбылося, прыбралася назаўтра ў шыкоўны строй. Галівудскага фасону сукенку. Я запытала пра сукенку. Проста дыханне захапіла, калі мама ўмомант дэталёва, як быццам па лістку, гатовы адказ дала. У апошні раз у жыцці:

– Ткань дарагую купіла, мяккую, цяжкую. Шыла сукенку Бароўская, харошая партніха была. Двух дачок мела. Младшая выйшла за дзірэктара кінацеатра, втарая ў Польшу з’ехала. Дзірэктарам кінацеатра тагда был такі Янкоўскі. Дачка, што за яго пайшла, очэнь красівая была. Помню яе на танцах. Бароўская мне адно толькі плацце шыла, недзёшэва было ў яе шыць, бо масцер. Фасон разам з ёй прыдумалі. Яно очэнь лежало красіво, лёгка укладывалась па фігуры. Уніз клёшнае. Такое, знаеш, адзенеш, і яно тваё. Басаножкі пад яго імпартныя купіла. Нашага не было ў прадажы, толька бот кірзавы. Канешна, жылі трудна – не было ў магазінах, не было ў карманах. Плацце было чорнае-чорнае, як вугаль.

Самае вялікае дрэва ў цэнтры насупраць самай першай гарадской школы спілавалі за мамай следам. Літаральна праз дзень. Маміна смерць захліснула мяне з галавой. Інакш бы я моцна перажывала з-за дрэва. А так нават не звярнула ўвагі, калі ўжо распілаваны ствол вярбы закідвалі ў кузаў трактара. Больш уразіла, што маленькі хлопчык, ускочыўшы на шырокі пень, стаў танцаваць. Хлопчыку і іншым маленькім хлопчыкам ніколі не ўявіць, якой была вярба. Ім няма справы да яе. І ніколі не даведаюцца, якой была мама. Навошта ім яна. Колькі б я ні пісала пра маму, ім да яе не будзе ніякай справы. Якое ў яе было пачуццё гумару. Нават калі яна не збіралася жартаваць.

Вось гукі чароўныя музыкі дзіўнай аргана чую з мамінага пакоя.
Музыкальныя гукі Алега Каравайчука ні з чыімі не зблытаеш. Гэта пачынаецца фільм Віталя Мельнікава «Жаніцьба» паводле Гогаля. Я, рэдкі выпадак, зайздрошчу тэлевізару. Не памятаю такой якаснай «Жаніцьбы». Мама бачыць па першых кадрах, што пра даўніну:
– Якое было врэмя…
– У сэнсе?
– Коні, сані, адзёжа… А цяпер перайшлі ўсе на курткі.
Пакалупалася ў роце зубачысткай, справа была пасля вячэры.
І ўдакладніла:
– Сцёганыя.

Адзяялка сваё дзяцінае я вынесла на сметнік пасля мамінай смерці.
Мама яго падсцілала пад сябе, каб мякка. Я ў сваім маленстве не памятаю яго, але нешта роднае заўсёды было ў малюнку: птушачкі лятуць радамі, коцікі ідуць пад імі. Коцікі дэманстратыўна птушачак не заўважаюць. З аднаго боку адзяялка блакітны фон, птушачкі з коцікамі на ім адпаведна белыя. Са зваротнага – белы з блакітнымі коцікамі і птушачкамі. Назаўтра падумала, можна ж было абрэзаць зацёрты край, на памяць зрабіць палавічок. Ледзь пераканала сябе не вяртацца за адзяялкам.

Блакітны колер адзяялка быў з рэдкіх колераў прыроды альбо высокай моды.
У мамы адна сукенка была з такімі ж нябесна-блакітнымі кветкамі. Я маму папрасіла неяк успомніць сукенку. Мама адразу, як заўсёды, быццам ёй паказалі ўспамін гатовы, апісала сукенку разам са знешнасцю сваёй:
– Панімаеш, я не думаю, што красавіца была, но ўсё раўно абрашчалі вніманіе. Ліцо маё красаты не мела, зато я была харашо сложэна. Не сразу, но после я разабрала, штоб обуў харошая і адзёжа былі. Помню, у санаторый прыехала, у Лётцы пад Віцебскам. Ідзём з суседкай па комнаце. Яна падобная была на Пугачову, што божа мой. А на мне крэпдэшынавае гэта плацце карычневае.
– Шакаладнае з блакітнымі кветачкамі.
– Да.
– Мая любімая твая сукенка.
– Басаножкі тожэ карычневые ў цвет. Пятка закрытая, каблучок невысокі. Мы ішлі-ішлі, а мужыкі там з інфарктамі, бальные, гляжу, машуць знакомые мужчыны са Смаргоні. І столька радасці встрэціць сваіх, калі аддалён ад дома, увідзець харошых знакомых. З імі сядзеў мужчына незнакомы. Пагаварылі і пашлі на танцы, і вот гэты незнакомы прыглашае. Высокі такі. І як тут аткуда-што падходзя да мяне такі ўжо фраер. Ну так адзеты, ухожэны! Не адходзя і не адходзя. І я стала ўстрэчацца з ім.
– З фраерам?
– З фраерам.
– А той незнаёмы табе спадабаўся больш?
– Я не ўспела нічога з ім. Адзін танец і ўсё. Толькі ў канцэ отдыха мы ідзём з суседкай. Ён астанавіўся, паздароваўся і сказаў: «Ты не знаеш, как ты мне отпуск іспорціла».

Бачу па маме, крыху аб ім шкадуе.
Сама ж вінаватая, што мужчынам галовы дурыла сваёй знешнасцю. Прычоскі ездзіла ў Вільню рабіць.
– Мама, ты даеш! У самую Вільню да цырульніка.
– Тут масцяроў па хімзавіўке не было ў маёй моладасці. Вот ездзілі да Мараля ў Вільнюс.
– А які ён быў, гэны Мараль?
– Ці я відзела? Наймічкі рабілі на яго. После ўжо паявіўся ў горадзе масцер па хіміі Паталуй. Усю сям’ю быў падключыўшы. У сваім доме рабіў. Не на гасударства.

А я паехала ў Берлін.
Гэтым летам нечакана. І на другі ж дзень наведала Марлен. Мама ў Вільню да Мараля. А я ў Берлін да Марлен. Паўгадзіны надземнага метро – і ты ў раёне Фрыдэнау. Ад метро літаральна 10 хвілін да могілак. Шэрая пліта з імем Марлен без прозвішча недалёка ад уваходу. Участак нумар 34. Зноў напамін аб маміным годзе нараджэння. Немагчыма ж гэта не заўважыць і не напісаць аб гэтым, калі пішаш пра маму. Магілу абвівае плюшч. Спынілася, гляджу на помнік. Быццам нешта ўбачу, акрамя таго, што ёсць. Спякотны дзень, ліст не варухнецца, чэрвень. Раптам зашамацелі кветкі на магіле. Мышка адтуль бліскучым вочкам зыркнула. Я адразу вырашыла: гэта ад Марлен прывітанне. Мо і блаславенне. Цэлы месяц, што я была ў Берліне, мяне суправаджала Марлен. Я перагледзела ўсе з ёю фільмы, слухала ейныя песні амаль штодня.

Наведала дом № 65 на Лібэрштрасэ, дзе яна нарадзілася.
Самы звычайны даваенны нямецкі дом. Такіх шмат захавалася, нягледзячы на бамбёжкі Другой сусветнай. Ля ўваходу ў пад’езд шыльда, невялікі здымак з «Блакітнага анёла» пад шклом. Я сабе інакш пад’езд уяўляла. Больш значным. А тут людзі выходзяць і заходзяць. Магчыма, хтосьці жыве ў яе былой кватэры. На вуліцы ідзе рамонт. Па вуліцы ходзіць аўтобус у заапарк. Я стала насупраць праз дарогу і прачытала малітву «Здровась, Марыё». Бо першае яе імя Марыя. Другое – Магдалена. Марыя-Магдалена фон Лош.

Для сябе самой горад замест Берлін я назвала Марлен.
Асабліва калі на барахолцы побач з вуліцай Капенгагенэр, дзе мела часовае жытло, проста выпадкова з тысячы старых паштовак выцягнула наўздагад паштоўку з Марлен. Я выйшла позна, раннім вечарам, таму што было горача, не ведаючы, да якой працуе барахолка, але, калі дарогу перайшлі два чалавекі з поўнымі вёдрамі вады, пры гэтым кожны нёс па два вядры, супакоілася.

Корпаюся ў скрынях, як для бібліятэчных картак, на гіганцкім стале і адразу натрапляю на Марлен. Рукі задрыжэлі. Дрыготкім голасам пытаюся сталага турка з вачыма ў доўгіх вейках:
– Колькі?
– Пяць еўра, – растапырыў пальцы вопытны прадавальшчык.
– За адну паштоўку?
Няўдала раблю выгляд, што паштоўка звычайная. Але рукі здрадліва трасуцца.
– Дык знакамітасць, – кажа. Ведае зорку турак прыгожы. І зноўку тапырыць пяцярню.

Я заказала для мамы надмагільны помнік.
І такое прыдумала, каб шалік берлінскай Марлен з барахолкі вакол мамінай шыі абвярнуць, то бок прыстасаваць да мамінай фатаграфіі. Мама заўсёды насіла хустачкі шаўковыя, пашытыя з рэштак сукенак, але здымкаў такіх няма. Няхай на помніку будзе бачна, што яны ў яе былі. Знаёмы фатограф чароўным рухам прыстасаваў да здымку мамы шалік Марлен. Гляджу на партрэт і не веру вачам сваім.

Зноў закахацца мне не хацелася.
Што рабіць мне цяпер?

На жаль ці на шчасце, але маміных партрэтаў спелага веку не існуе. Ёсць адзіная фотакартка для Дошкі гонару ў дзяржбанку. Тут ёй гадоў 35, мусіць. Па сутнасці, мама так, як на картцы, выглядала заўсёды. Акуляры, укладка, мінімум касметыкі. Цяпер яшчэ шалік какетліва павязаны. Спрабую ўявіць маміну рэакцыю на гэту выхадку. Яна, вядома, здзівілася б, а потым, хутчэй за ўсё, рассмяялася.

Datenschutzerklärung

WordPress Cookie Hinweis von Real Cookie Banner